АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,

форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.

А.П.Дубіна.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)